«Свята беларускага ручніка»

Уладароў тайн Сусвету трэба шукаць не ў сакрэтных звышсучасных лабараторыях, а ў маленькіх і аддаленых ад шумных магістралей вёсках. Бабулькі, якія па спадчыне ад сваіх матуль, старэйшых жанчын сям’і, захоўваюць старадаўнія куфары-скрыні – вось яны, захавацельніцы сакрэтных кодаў жыцця і ўсялякіх філасофій. Літары і формулы, генетыка зямлі і роду – на выбеленых ільняных палотнах, у арнаментах нашых ручнікоў. Менавіта гэтаму была прысвечана фальклорная праграма «Свята беларускага ручніка», якая ўпершыню прайшла ў філіяле «Мацвееўскі Дом культуры» 14 жніўня. Госці свята даведаліся, пра што можа расказаць звычайны ручнік з вышыўкай. Калі прачытаць выкарыстаныя ва ўзорах сімвалы, можна даведацца, пра што марылі і чаго жадалі майстрыхі тым, для каго ткалі ды вышывалі ручнікі. Потым зазірнулі ў беларускую скарбонку: даведаліся  пра звычаі народа, пазнаёміліся з прыказкамі і загадкамі, адказалі на пытанні-жарты. У прыканцы танчылі пабытовыя танцы.