Свята Зімы “Гулянне – з зімой развітанне”

Усе спяшайцеся на Свята,
Пакідайце свае хаты,
Ды ідзіце да нас у госці,
Каб патрэсці трохі косці!

    Менавіта з гэтых слоў Зазывалаў у гарадскім пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёна распачалося Свята Зімы “Гулянне – з зімой развітанне”. У гэты дзень, 6 сакавіка, жыхары і госці пасёлка прынялі ўдзел у цудадзейным карагодзе гульнёвых і канцэртных праграм, сталі сведкамі проваду Зімы і зімовых месяцаў, прыходу Вясны з прыгажунямі Вяснянкамі, і паглядзелі жартоўную тэатралізаваную праграму філіяла “Росскі Дом культуры”.
     Анімацыйныя гульневыя праграмы ад філіялаў “Шылавіцкага Дома культуры” і “Ізабелінскага Дома культуры” не далі сумаваць ні воднаму маленькаму госцю Свята, а дарослым гледачам былі прапанаваны канцэртныя нумары ад народнага ансамбля  песні “Згода” філіяла “Вярэйкаўскі Дом культуры” і артыстаў філіяла “Росскі Дом культуры”.
   “У народзе кажуць: хто людзей весяліць, за таго ўвесь свет стаіць. Сёння мы з вамі добра павесяліліся, у гульні пагулялі!”, – пасля гэтых слоў праводзіны Зімы падцвердзіліся спальваннем “Пудзіла зімы” на вогнішчы.