«Скарбы Гродзеншчыны»

6 жнiўня творчыя калектывы Ваўкавышчыны прынялi ўдзел у V абласным фестывалi традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны». У гэтым годзе фестываль прайшоў у горадзе Смаргонь. На конкурсным падворку Ваўкавыскага раёна быў прадстаўлены фрагмент традыцыйнага вясельнага абрада з дэманстраваннем элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне». А выступленне народнага фальклорнага гурта «Чараўнiцы» фiлiяла «Мацвееўскi  Дом культуры»,  ўзорнага фальклорнага гурта «Чобаты» Ваўкавыскага гарадского Дома культуры і выстаўка сапраўдных шэдэўраў  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва  Ваўкавыскага раённага Цэнтра раместваў, дапамаглі стварыць невымоўную атмасферу свята. Сапраўднае беларускае свята немагчыма ўявіць без бульбы, таму галоўным атрыбутам прэзентацыі страў традыцыйнай кухнi Ваўкавышчыны сталі  стравы з таркаванай бульбы, якім у гэтым годзе быў нададзены статус «Гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь». Носьбіт традыцыйнай стравы – Марыя Бачынская частавала гасцей свята «бандамі на дубовых лістах». Таксама Мікульчык Алена Мікалаеўна – эксперт беларускай і славянскай кухні, гісторык кулінарыіі  адзначыла памятным падарункам Алену Навіцкую за страву «банды з юшкай». На фальклорна-інтэрактыўнай пляцоўцы народны тэатр-студыя гульні «Ваўкавыскія забавы» прадэманстраваў гульнева-забаўляльную праграму «Ад весялосці не бывае злосці», а Чэслаў Апановіч і Ганна Суханава правялі майстар-клас па пабытовых танцах. У завяршэнні фестывалю адбылася цырымонія ўзнагароджання. Ваўкавышчына была лепшай у намінацыі «Лепшая прэзентацыя традыцыйных страў» — дыплом I ступеннi. У намiнацыі «Лепшая прэзентацыя падворка традыцыйнай культуры Гродзеншчыны» — дыплом III ступенi. Таксама дыпломамі за ўдзел былі адзначаны народны фальклорны гурт «Чараўнiцы» і народны тэатр-студыя гульні «Ваўкавыскія забавы».