Абласная акцыя «Мы — гэта памяць»

  У перадсвяточныя дні ў Гродзенскай вобласці праходзяць акцыі, прысвечаныя тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. У іх лік уваходзіць і такая акцыя, як “Мы — гэта памяць”. З хатніх архіваў жыхароў рэгіёнаў збіраюцца матэрыялы — ваенныя лісты, дзённікі, успаміны пра вайну, ваенныя фотаздымкі, паштоўкі, нататкі і г. д.
  Супрацоўнікі Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры таксама падрыхтавалі матэрыял аб сваіх продках. Так, Алена Рунге з філіяла “Ізабелінскі Дом культуры” ўспамінае пра свайго дзядулю:
“Памяць нашай сям’і: Сяргеевых, Рунге, Кулеша, Кароза, Радзюшкіных, Гранкіных, Гусар, аб нашым дзядулі і прадзядулі Сяргееве Мікалаю Сямёнавічу.
  Мой дзядуля, Сяргееў Мікалай Сямёнавіч нарадзіўся 23.11.1905 г .у весцы Раманаўка Ваўкавыскага района Гродзенскай вобласці.  Вайну супраць нямецкіх акупантаў пачаў у 1941 годзе ў Ваўкавыску. Але доўга ваяваць не прыйшлося. Пасля бамбёжкі нямецкімі самалётамі быў скінуты дэсант і Мікалай трапіў у палон да немцаў. З палону яму ўдалося збегчы.
  Пасля вызвалення Беларусі савецкімі войскамі зноў пайшоў на фронт. Ваяваў у Фінляндыі, затым у Германіі. У арміі ваяваў кулямётчыкам, амаль увесь час знаходзіўся на перадавых пазіцыях. 21 сакавіка 1945 года быў паранены. На гэтым для яго вайна скончылася. Меў траіх дзяцей. Старэйшы сын Алексей загінуў у 1945г. у Польшчы.
   Мікалай Сямёнавіч Сяргееў мае пяць узнагарод і ордэн Айчыннай вайны. Памёр у 1987 годзе.”
  Запрашаем усіх неабыякавых людзей далучыцца да абласной акцыі “Мы – гэта памяць” і публікаваць звесткі аб сваіх продках у сацыяльных сетках пад хэштэгам #мыгэтапамять.

#мыгэтапамяць

Вам может также понравиться...