Ваўкавышчына з’яўляецца той мясцовасцю, дзе не толькі захаваўся абрад “Калядавання”, але і актыўна папулярызуецца сярод сучаснай моладзі. Вось і сёлета ў рамках абласнога праекта “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны” Каляда прайшлася па вёсках і селішчах.
Нязграбны мядзведзь весяліў гаспадароў, хітрая каза выпрошвала пачастункі, а вясёлыя цыгыны сваімі танцамі прымушалі кідацца ў скокі.
Адным з самых шчодрых двароў, куды завітала Каляда, стаў двор пчаляра. На ім нібыта пчолы закружыліся калядоўшчыкі ў хараводзе разам з гаспадарамі. Пашчасціла пакаштаваць і самы духмяны мёд Ваўкавышчыны, водар якога ячшчэ доўга ўзгадваў пра самага руплівага гаспадара, які яго сабраў.
Калядныя песні даносіліся з розных двароў, с пажаданнямі дабрабыту і шчаслівага жыцця, вабячы да сябе рознаўзроставых гледачоў, якія яшчэ раз пераканаліся, што прайшла “Каляда” не толькі праз сяло, але і праз шматлікія пакаленні.