“Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”

“Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне” з`яўляецца элементам НКС і існуе ў жывой традыцы, перадаецца з пакалення ў пакаленне ад носьбітаў да нашчадкаў. Каравай у гэтых мясцінах з’яўляецца важным атрыбутам вясельнай традыцыі. Асноўнымі носьбітамі з’яўляюцца Яўгенія Міхайлаўна Прохар (в. Улезлы), Валянціна Іванаўна Поух (гп. Краснасельскі), Леанарда Казіміраўна Блажыеўская (гп.Краснасельскі), Тамара Іванаўна Карнацэвіч (в. Новая Ятвезь), якія перадаюць майстэрства жанчынам сваіх сем’яў. Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання агульная на ўсіх, аднак, кожная з жанчын, валодае ўласнымі сакрэтамі, што робяць іх караваі адметнымі і запамінальнымі. У якасці інгрэдыентаў для караваяў, склад якіх старанна захоўваецца, выкарыстоўваюцца мясцовыя натуральныя прадукты. Вясельны каравай мае круглую форму і заўсёды вылучаецца добрай якасцю. Каравай адметны сваім традыцыйнымі ўпрыгажэннямі – шышачкамі, кветачкамі, птушачкамі, вобразы якіх – з мясцовай прыроды. В. І. Поух, Т. І. Карнацэвіч дапаўняюць сваі караваі новымі сучаснымі элементамі – разнакаляровымі кветачкамі вялікіх і маленькіх памераў, лебядзямі, сімвалізуючымі вернасць сямейнай пары, фігуркамі маладых і інш. Караваі Я. М. Прохар вылучаюцца больш традыцыйнай манерай упрыгожвання, аскетычным выглядам. Сімволіка каравая багатая: ён з’яўляецца сімвалам дабрабыту і багацця, паяднання і працягу роду, даўгалецця шлюбнага саюзу, вернасці. Каравай выпякаецца напярэдадні вяселля і ў момант адорвання маладых падарункамі дзеліцца паміж гасцямі, а верх каравая застаецца маладым, як сімвал працягу роду, шчасця і добрай долі. У 2023 годзе гэты элемент быў прадстаўлены на першым туры занальнага агляду-конкурса абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”.