Свята фальклору “Мацвееўскі карагод”
“Мацвееўскі карагод” закружыў ўсіх аматараў і прыхільнікаў традыцыйнай культуры на свяце фальклору, якое адбылося 22 жніўня ў аг. Мацвееўцы. Нездарма месцам правядзення была абрана Мацвееўская зямля, бо гэтае мястэчка ўжо даўно стала жамчужынай фальклорнай спадчыны Ваўкавышчыны. Арганізатарам мерапрыемства выступіў філіял “Мацвееўскі Дом культуры” Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры. Менавіта у гэтым мястэчку жывуць яшчэ традыцыі ў сваім самабытным выглядзе: захаваліся абрады, песенная спадчына, якую адраджаюць, захоўваюць і транслююць удзельнікі народнага фальклорнага гурта “Чараўніцы” філіяла “Мацвееўскі Дом культуры”.
Сёлета ў аснову свята лягло прадстаўленне фрагмента традыцыйнага вясельнага абрада. Як у даўнія часы, малады з маладой ды ўсёй вясельнай грамадой пад’ехалі да ўрачыстай пляцоўкі на вясельнай павозцы, дзе іх сустракалі бацька з маці, хросныя бацькі, браты, сёстры, сват ды сваха. Госці проходзілі праз “вароты шчасця”, удзельнічалі ў традыцыйных гульнях “Мост” ды “Знаёмства”, адорвалі маладых, танцавалі побытавыя танцы, частаваліся традыцыйнымі вясельнымі стравамі, спявалі і слухалі фальклорныя песні лепшых фальклорных гуртоў і выканаўцаў Ваўкавышчыны.
Адно з найважнейшых сямейна-родавых дзеяў у жыцці чалавека – вяселле, дзе галоўным элементам з’яўляецца вясельны каравай. Менавіта таму каравайніцы Ваўкавысскага раёна прынялі ўдзел у конкурсе каравайніц “Вясельны абярэг”. Канкурсанткі прадстаўлялі караваі, прыгатаваныя па асаблівай рэцэптуры і рэтуалам, характэрных для нашага рэгіёну. Аднак, кожная з іх валодае ўласнымі маленькімі сакрэтамі, што робяць іх караваі адметнымі і запамінальнымі.
Карнацэвіч Тамара Іванаўна, жыхарка в. Яцвезь Ваўкавыскага раёну — носьбіт элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Комплекс уменняў вырабу вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь — прадставіла традыцыйны вясельны каравай Ваўкавышчыны. Двух’ярусны каравай Тамары Іванаўны быў упрыгожаны птушачкамі (“двума галубамі”), што сімвалізуе мір і сямейную вернасць.
Наступная канкурсантка — Надзея Аляксееўна Талашка – пераймальнік “каравайнай” традыцыі, жыхарка аг. Мацвееўцы. Пераняла веды і навыкі ад носьбіта элемента нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Комплекс уменняў вырабу вясельнага каравая на Ваўкавышчыне” Яўгеніі Міхайлаўны Прохар з в. Маісеевічы Ваўкавыскага раёну. Каравай Надзеі Аляксееўны вылучаўся традыцыйнай манерай упрыгожвання шышачкамі, а таксама аскетычным выглядам і памяркоўнасцю ўпрыгожвання.
Трэцяя ўдзельніца конкурсу — Іна Фёдараўна Дуброўская — таксама пераймальнік “каравайнай” традыцыі, жыхарка в. Багдзі. Пераняла веды ад сваёй матулі Зінаіды Іванаўны Міронь з в. Жорнаўка Ваўкавыскага раёну. На конкурс яна прадставіла двух’ярусны каравай, упрыгожаны барвінкам, шышачкамі, кветкамі, што азначае ўвасабленне паэтычнай красы роднай прыроды і ўсяго жывога.
Хочацца адзначыць, што на сёняшні дзень вясельны каравай не страціў яшчэ сваю сакральную функцыю. Яго сімволіка на Ваўкавышчыне надзвычай багата: ён — сімвал дабрабыту і багацця маладых, працягу рода і даўгалецця шлюбнага саюзу.
А якое вяселле без танцаў ды прыскокаў! Таму ў завяршенні свята ўсіх гасцей і ўдзельнікаў закружыў карагод побытавых танцаў.